Рэгіён
Першае згадванне пра паселішча Узда адносіцца да 1450 г. Афіцыйная дата заснавання – 8 мая 1494 г. Уздзенскі раён утвораны 17 ліпеня 1924 г. Раён размешчаны ў цэнтральнай частцы Мінскай вобласці, тэрыторыя з захаду на ўсход 50 км, з поўначы на поўдзень – 36 км. Плошча раёна 1,2 тыс. км2.
Раённы цэнтр – г. Узда, размешчаны за 77 км ад г. Мінска.
У раёне 6 сельскіх Саветаў: Дзешчанскі, Азерскі, Нёманскі, Слабадскі, Уздзенскі, Хатлянскі, у складзе якіх 203 сельскія населеныя пункты.
Насельніцтва раёна – 23 481 чал., з іх гарадское – 10 194 чал. (43 %), сельскае – 13 287 чал. (57 %).
Уздзеншчына – зямля вельмі багатая на таленавітых людзей. Напярэдадні ХVIII стагоддзя ў сядзібе Пырашава нарадзіўся заснавальнік рускай прозы публіцыст Фадзей Булгарын. Беларускі прыродазнавец, вынаходнік, медык, прафесар электраграфіі і магнетызму Якуб Наркевіч-Ёдка ў сваім маёнтку Наднёман арганізаваў метэаралагічную станцыю, у XIX ст. зрабіў значныя навуковыя адкрыцці па фізіцы, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Наш край можна лічыць адным з першых месцаў беларускага кнігадрукавання. Паслядоўнік Францыска Скарыны адзін з выдатных дзеячаў беларускага Адраджэння Сымон Будны ў 1572 годзе напісаў ва Уздзе ўступ да Бібліі, а асветнікі браты Кавячынскія – Прысвячэнне да яе.
Залаты фонд, гонар раёна – 3 Героі Савецкага Саюза, 3 Героі Сацыялістычнай Працы, 2 лаўрэаты Дзяржаўных прэмій, 23 паэты і пісьменнікі, 11 акадэмікаў і 29 дактароў навук, 12 мастакоў, цэлая плеяда вялікіх дзеячаў мастацтва, артыстаў, ваенных і дзяржаўных дзеячаў.
На тэрыторыі Уздзенскага раёна размешчана 22 помнікі археалогіі, 7 помнікаў архітэктуры, 168 ваенна-гістарычных помнікаў.