Запалкі - не для гульняў і забаў!

У рамках рэспубліканскай акцыі «Канікулы – без дыму і агню!», якая праходзіць з 6 чэрвеня па 19 жніўня, ратавальнікі заклікаюць усіх дарослых зрабіць усё магчымае, каб лета для дзяцей прайшло бяспечна!
Не ўсе дзіцячыя гульні бяспечныя, і дарослыя абавязаны своечасова папярэдзіць «сцэнарыі» з магчымымі трагічнымі наступствамі. Дапытлівасць і цікавасць да ўсяго новага рана ці позна прыводзіць дзяцей да гульняў з агнём. Як усцерагчы дзіця ад «агністых» гульняў?
Раскажыце малому пра пажары, якія адбываюцца з-за дзіцячага свавольства з агнём, пакажыце яму запалкі і запальніцу, растлумачце, што гэтымі рэчамі могуць карыстацца толькі дарослыя, а калі іх возьме дзіця - здарыцца вялікая бяда. Захоўвайце крыніцы адкрытага агню і бытавую хімію ў месцах, куды дзеці не змогуць дабрацца. Прыбярыце з даступных месцаў папулярныя дэкаратыўныя свечкі: цікаўныя дзіцячыя ручкі могуць дацягнуцца і да іх. Растлумачце дзіцяці, што свечкі - гэта таксама «агонь».
Растлумачце малому просты фізічны закон: «калі нешта падпаліш - пачнецца пажар». Ніколі не пакідайце маленькіх дзяцей без нагляду.
Толькі вам, бацькам, вядома, у якой форме ваш малыш лепш успрымае інфармацыю: падчас ролевай гульні, прагляду навучальных мультфільмаў або ў ходзе сур'ёзнай гутаркі. Паклапаціцеся сёння аб тым, каб дзіця пачало «назапашваць» веды правіл бяспекі жыццядзейнасці. І яго сталенне стане бяспечным!