Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Уздзенскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
12 красавіка 2023

Распачынаюцца работы па падрыхтоўцы да правядзення ў аграгарадку Магільна раённага свята хлебаробаў «Дажынкі-2023»

Сельвыканкам і акцыянернае таварыства «Наднёман», раённая камунальная і дарожная службы, лясгас і ПМК-69, установы адукацыі і аховы здароўя, паштовыя і гандлёвыя аб’екты, жыхары населенага пункта – усім хопіць работы для таго, каб адно са старэйшых паселішчаў раёна да верасня гэтага года годна сустрэла гасцей і яшчэ на доўгія гады выглядала сучасным, прыгожым, непаўторным.

Нядаўна з удзелам усіх зацікаўленых структур быў распрацаваны і зацверджаны план правядзення раённага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі. Вядома, жыццё яшчэ можа ўнесці пэўныя карэктывы, бо адна, пяць і нават дзесяць галоў не могуць у сціслыя тэрміны прадугледзець усё да драбніц. Але вопыт правядзення папярэдніх падобных свят дапаможа адабраць з мноства розных прапаноў найбольш істотнае, рэальна ажыццявімае і патрэбнае для жыхароў і гасцей старадаўняга мястэчка. Канчатковая канцэпцыя свята павінна быць падрыхтавана да 1 мая. А пакуль пра тое, што ўжо адобрана да выканання, карэспандэнт «Чырвонай зоркі» гутарыць са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ігарам Пятровічам.

Мястэчка мяняе аблічча

— Ігар Анатольевіч, з часу прыняцця рашэння аб правядзенні «Дажынак-2023» менавіта ў гэтым месцы прайшло паўгода. Як гэты час выкарысталі Вы, сельвыканкам, раённыя службы для таго, каб мерапрыемства было запланавана і праведзена на належным узроўні?

— Першым чынам мы загадзя папрасілі кіраўнікоў, спецыялістаў розных структур, што жывуць, працуюць на гэтай тэрыторыі, крытычным вокам агледзець свае ўладанні і ўнесці прапановы па рэальна магчымых змяненнях, рамонтных работах. Такая магчымасць (само правядзенне свята) нячаста бывае, таму хацелася б, каб зробленае тут прынесла рэальную карысць, і пасля яшчэ доўга нагадвала месцічам аб сумесна праведзенай рабоце. Безумоўна, вядучая роля ў гэтай падрыхтоўчай рабоце адведзена кіраўніку і спецыялістам Нёманскага сельвыканкама. Ім на месцы лепш вядомы найбольш балючыя пытанні, ад іх і сыходзіла нямала ініцыятыў па навядзенні парадку, абнаўленні пэўных аб’ектаў.

— Пэўна ж, і непасрэднай работы ў сельвыканкама, дэпутацкага актыву будзе нямала.

— Безумоўна, і яны ўжо працуюць у гэтым напрамку. Вядуцца растлумачальныя гутаркі з насельніцтвам аб неабходнасці адрамантаваць, пафарбаваць, а то і замяніць плот, фасад будынка, прыбраць усё непатрэбнае. Разам з землеўпарадкавальнай службай пераглядаюццца ўчасткі, што выдаваліся пад вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, але не выкарыстоўваюцца належным чынам. У нядбайных гаспадароў участкі будуць адабраны, каб не псавалі агульны выгляд. Мяркуецца правесці тапаграфічныя здымкі ўчастка старога сада, магчыма, там з’явяцца новыя жылыя дамы. Будзе наведзены парадак на могілках (выдаляць кусты, іншую расліннасць, падрамантуюць агароджу). Сярод жыхароў аграгарадка будзе аб’яўлены конкурс на лепшы падворак. Абновіцца і будынак сельвыканкама.

— У гэтыя месяцы хопіць клопатаў не толькі старшыні сельвыканкама Наталлі Крук, але і кіраўніку ААТ «Наднёман» Дзмітрыю Чыгіру, бо на тэрыторыі населенага пункта ў сельгаспрадпрыемства нямала аб’ектаў.

— Так, плануецца адрамантаваць адміністрацыйны будынак канторы – будзе праведзена тынкоўка і афарбоўка фасада, абсталяваны санітарны пакой, да будынка пракладуць водаправод і каналізацыю, спілуюць частку старых дрэў, зменіць месца агароджа, увогуле, будзе наведзены парадак на ўсёй прылеглай тэрыторыі. Шмат работы запланавана ў будынку і на тэрыторыі малочнатаварнай фермы, на машынным двары, каля лазнева-пральнага комплекса, склада (былой лазні) па завулку Садовым, прыбяруць старую вагавую па вуліцы Сонечнай. Сіламі «Наднёмана» будуць адрамантаваны і пафарбаваны платы каля дамоў, дзе жывуць працаўнікі сельгаспрадпрыемства, наведзены парадак каля некалькіх дамоў і кватэр, якія цяпер не выкарыстоўваюцца. А яшчэ гэты калектыў прывядзе ў належны стан стэлу ў выглядзе чайкі перад Нёманам. Гэты абноўлены своеасаблівы сімвал населенага пункта яшчэ доўга будзе вітаць кожнага, хто сюды наведаецца.

Планы стануць рэальнасцю

— З вопыту правядзення папярэдніх раённых свят хлебаробаў вядома, што даволі значную частку работ бярэ на сябе калектыў Уздзенскай ЖКГ. Які аб’ём заданняў нарэзалі камунальнай службе на гэты раз?

— Па-першае, ім неабходна заасфальтаваць вуліцы Камсамольскую, Сонечную, частку Маладзёжнай, завулак Садовы, праезд ад лазні да кацельні, падсыпаць вуліцы Палявую, Маладзёжную, Лясную, Набярэжную, частку Ракасоўскага і вуліцу ў вёсцы Матэцкія, выканаць ямачны рамонт на Садовай. Будуць добраўпарадкаваны стаянкі аўтатранспарту каля сельскага Савета, магазіна райспажыўтаварыства, пошты, магазіна «Надзея», насупраць школы. Па-новаму будзе абуладкавана месца для купання, тут з’явяцца цікавыя архітэктурныя формы. У аграгарадку абсталююць сем кантэйнерных пляцовак, на якіх будуць новыя кантэйнеры. Яшчэ дзве такія пляцоўкі абуладкуюць на могілках, тут абновяцца брамкі і вароты, праведзена добраўпарадкаванне трох брацкіх магіл.

— Чакаюць абнаўлення і аб’екты сацыяльнай сферы. Наколькі істотнай будзе дапамога з бюджэтнага кашалька?

— Зробім усё, што магчыма ў сённяшніх умовах. У дзіцячым садку будуць адрамантаваны харчаблок, агароджа. У школе паставяць новыя вокны ў кабінетах, калідоры на другім паверсе, у спортзале; з’явіцца гравійная бегавая дарожка з удасканаленым пакрыццём; новы плот будзе вакол стадыёна і гаспадарчага двара. Запланаваны рамонт у душавой і санвузле харчаблока. Будзе праведзены рамонт фасаду, даху і кацельні Нёманскай амбулаторыі, заменены сістэмы ацяплення, водаправода, каналізацыі, уваходныя дзверы, добраўпарадкавана тэрыторыя. Даўно выглядае непрывабна сельскі Дом культуры, таму і тут запланаваны немалы аб’ём работ: рамонт фасада будынка, даху над кацельняй, фае, абшыўка франтонаў; уладкаванне вадасцёкавай сістэмы, адмосткаў па перыметры будынка, навесаў над уваходамі; афарбоўка падлогі ў глядзельнай зале, кабінеце дырэктара, касцюмернай, бібліятэцы; пасля мыцця пасвяжэе дах, з’явяцца новыя заасфальтаваныя пешаходныя дарожкі.

— Напэўна ж, часцей, чым звычайна, будуць накіроўвацца ў бок Магільна службовыя аўтамабілі кіраўнікоў ПМК-69 і раёна электрасетак, КУП «Слуцкводаканал» і ДРБУ-163, лясгаса і цэху паштовай сувязі, пэўных прадпрымальніцкіх структур, чые аб’екты размешчаны ў аграгарадку?

— Так, і гэтыя структуры не застануцца ў баку ад агульнараённага свята. А для вяскоўцаў любая, нават самая дробязная, зробленая імі справа стане прыемным пацвярджэннем таго, што ўсе мы жывём у адной краіне, заклапочаны паляпшэннем агульнага дабрабыту і кожны на сваім месцы імкнемся рабіць усё магчымае, каб і наш горад, і нашы вёскі прыгажэлі. І не толькі напярэдадні свят. А зробленае ў гэтыя месяцы застанецца надоўга: і рамонт грамадскіх калодзежаў, воданапорных калонак; і ачыстка меліярацыйных каналаў; і замена свяцільнікаў вулічнага асвятлення; і рамонт існуючых ці з’яўленне новых аўтобусных прыпынкаў, павільёнаў, усталяванне стаянкі для аўтамабіляў каля месца купання на Нёмане; і ачыстка ад захламленасці прыдарожных палос, лесу вакол могілак; і рамонт велапаркоўкі, замена вулічнага туалета каля вясковага магазіна…

— Аб’ём работ немалы, да таго ж мы назвалі далёка не ўсё з запланаванага. Як мяркуеце, усё паспеем зрабіць у вызначаныя тэрміны?

— Павінны. Заўсёды так бывае, што перад пачаткам больш-менш важных спраў прысутнічае хваляванне, часам і сумненні ўзнікаюць. Але ж не атрымліваецца ў тых, хто замест штодзённай напружанай работы загадзя пачынае сумнявацца, шукаць прычыны для апраўдання нязробленага. Большасць нашых кадраў, кіраўнікоў і спецыялістаў не раз канкрэтнымі справамі даказвалі, што здольны спраўляцца з самымі адказнымі задачамі. Рэгулярна ход выканання работ будзе абмяркоўвацца на пасяджэннях штаба па арганізацыі і правядзенні мерапрыемства, куды ўвайшлі кіраўнікі і прадстаўнікі раённых службаў. Пастараемся аператыўна рэагаваць на магчымыя карэктывы і, як і ў папярэднія гады, ажыццявіць намечаныя планы.

Гутарыў Віктар САБАЛЕЎСКІ

Да спіса навін