Літаратурны дэсант да пагранічнікаў. Пісьменнікі Уздзеншчыны адзначылі Дзень паэзіі ў вайсковай часці 1463 Дзяржынска

Гэтае вайсковае падраздзяленне сёлета адзначыць дзве юбілейныя даты: у верасні – 85-годдзе з дня ўтварэння часці, а ў маі – 105-ю гадавіну пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
Сярод шэрагу мерапрыемстваў з гэтай нагоды значылася і сустрэча з прадстаўнікамі літаратурнага аб’яднання «Нёманец», членамі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрыем Вінаградавым, Віктарам Сабалеўскім і Валянцінай Шытыка. Да таго ж і Дзень паэзіі – добрая падстава пазнаёміць новых чытачоў са сваёй творчасцю.
Але папярэднічала творчай сустрэчы экскурсія літаратараў па ваенным гарадку. Госці паглядзелі, як пагранічнікі строем і з песнямі маршыруюць па плацу, наведалі казарму, прайшлі міма аўтадрома, спартыўнага гарадка, сталовай, лазні, іншых бытавых пакояў. У цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў ім расказалі, што тут за некалькі месяцаў вучэбных курсаў рыхтуюць будучых вадзіцеляў і повараў, якіх пасля размяркоўваюць па пагранзаставах у розныя куткі Беларусі.
Крыху больш затрымаліся ў бібліятэцы.
– Якім кнігам аддаюць перавагу маладыя пагранічнікі?
– Вось паглядзіце, што толькі што прынеслі чытачы, – адзначыла бібліятэкар Жанна Ільіна. – «Тры мушкецёры», «Вайна і мір», творы нашага беларускага пісьменніка Івана Шамякіна… А адзін чытач нават літаратуру на англійскай мове замаўляе. Бывае, так захапляюцца, што нават на занятках па баявой падрыхтоўцы ціхенька спрабуюць чытаць. Выкладчык, заўважыўшы такое, «канфіскоўвае» кнігу і вяртае ў бібліятэку, а віноўніка чакаюць невялікія непрыемнасці. Для чытання, іншых асабістых спраў адведзены спецыяльны час.
Забягаючы наперад, адзначым, што ў той дзень бібліятэку папоўнілі і кнігі уздзенскіх аўтараў.
А чатырнаццатай гадзіне ў клубе вайсковай часці пачалася сустрэча пад назвай «Наш родны край у вершах і прозе». Дырэктар Уздзенскай раённай бібліятэкі імя П. Труса Аксана Драчан расказала вайскоўцам (а іх сабралася на нядзельнае мерапрыемства каля сотні) аб уздзенскім раёне, яго слаўных літаратурных традыцыях. Увазе ўдзельнікаў сустрэчы на міні-прэзентацыі былі прапанаваны некалькі дзясяткаў кніг пісьменнікаў з суседняга раёна. Затым госці знаёмілі пагранічнікаў са сваёй творчасцю. Віктар Сабалеўскі зацікавіў слухачоў вершамі пра будні пагранічнікаў – творы былі напісаны некалькі гадоў таму пасля наведвання пагранзастаў каля Гродна і Пінска. Спадабаліся аўдыторыі і вершаваныя гумарэскі. Валянціна Шытыка засяродзіла ўвагу прысутных на дружбе беларускага і рускага народаў. Важкі патрыятычны пасыл маюць яе творы, прысвечаныя памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Дзмітрый Вінаградаў пазнаёміў салдат з тэматыкай сваіх сарака кніг: гістарычная і краязнаўчая літаратура, творы для дзяцей, фантастыка. Пасля заканчэння афіцыйнай часткі мерапрыемства пісьменнік доўга яшчэ адказваў на пытанні прысутных пра ўласны жыццёвы і творчы шлях.
Падышоў да пісьменніцкай дэлегацыі высокі сімпатычны юнак, прадставіўся:
– Ягор Тумас. Я родам з аграгарадка Возера! Пяць месяцаў ужо адслужыў. Да арміі скончыў каледж, папрацаваў крыху наладчыкам станкоў у адной фірме. Служба падабаецца, шмат пра яе расказваў бацька, які таксама быў у пагранічных войсках. Калі даведаўся, што прыязджаюць уздзенскія пісьменнікі, парадаваўся за наш раён, сябрам расказаў. А тут столькі ўсяго новага пачуў!
Пакідалі пісьменнікі дзяржынскую зямлю з добрым настроем. Госці атрымалі падзячнае пісьмо за подпісам камандзіра часці палкоўніка С. Пуры. Дамовіліся, што падобныя сустрэчы абавязкова будуць арганізаваны ў далейшым.