Яго імя Настаўнік. З якім настроем сустракае 70-гадовы юбілей Аляксандр Шэмет

Ёсць людзі, успаміны пра якіх грэюць сэрца. З гэтай катэгорыі — настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ліцвянскай школы Аляксандр Шэмет, які вырасціў не адно пакаленне тэнісістаў і шашыстаў.
У нашай, Ліцвянскай, школе гэтымі відамі спорту займаліся ўсе без выключэння. Адны станавіліся пераможцамі і прызёрамі розных спаборніцтваў, другія — займаліся для тонусу, трэція — каб не пасаваць перад сябрамі. І ні ў кога і ніколі не ўзнікала думкі прагуляць урокі фізкультуры.
Сваю працоўную дзейнасць у школе Аляксандр Шэмет пачаў 1 верасня 1980 года і па сённяшні дзень застаецца ў страі. А яму заўтра — 70 гадоў.
І хто можа расказаць пра настаўніка лепш за ўсіх? Вядома, яго вучні.
Наталля Зайцава (Крэмез):
— Аляксандр Іосіфавіч прывіў мне любоў да спорту. Я і цяпер для сябе бегаю кросы па 5-10 кіламетраў, рэгулярна хаджу ў залу.
Помню, мы заўсёды з задавальненнем ішлі на ўрокі фізкультуры. Не разумею сучасных дзяцей, якія не любяць фізкультуру. Напэўна, у іх проста не такі цудоўны настаўнік, які быў у нас. Аляксандр Іосіфавіч вельмі любіў сваю прафесію, дзяцей, шчыра радаваўся за кожнага з нас, за нашы хай часам і маленькія перамогі. Прыгадваю яго жэст радасці, калі ён такі задаволены і горды за нас, сваіх вучняў. Хто вучыўся ў гэтага настаўніка, той, безумоўна, ведае, як ён сціскаў рукі… Ва ўсім падтрымліваў нас. Патрэбна ўпэўненасць — “У цябе ўсё атрымаецца”. Так было і з маім скачком з трампліна на лыжах. Вядома, лыжы я тады зламала. Аднак у мяне паверыў настаўнік, а я паверыла яму, а значыць — і ў сябе!
Дзякуй вам, шаноўны Аляксандр Іосіфавіч! Няхай ваш зарад энергіі і аптымізму не вычэрпваецца яшчэ доўгія-доўгія гады!
Анастасія Стралкоўская:
— Менавіта з Аляксандра Іосіфавіча пачалося маё захапленне спортам. Я ўдзячная яму, што прывёў мяне ў настольны тэніс. І не толькі мяне, тэнісам займаліся і мае бацькі, таксама яго вучні. Яны і цяпер, калі размова заходзіць пра школу, успамінаюць яго і ўрокі фізкультуры.
З Аляксандрам Іосіфавічам заўсёды было весела. Самае прыемнае — пасля гульняў мы атрымлівалі торт. Гэта нават ператварылася ў добрую традыцыю. Хоць і не заўсёды ўсё праходзіла гладка, але свой прыз мы атрымлівалі.
Аляксандр Іосіфавіч Шэмет строгі, але добры трэнер. Пасля не самых паспяховых гульняў заўсёды прыабдыме і скажа: «Усё добра! Не трэба хвалявацца. Гэта ўсяго толькі гульня”.
У школе на перапынках мы заўсёды бралі ракеткі, спаборнічалі. У такія моманты ён з гумарам заўважаў: «Ну не на карову ж гуляем».
Акрамя тэніса я нядрэнна катаюся на лыжах, гуляю ў валейбол, баскетбол. Узімку, калі былі маразы, мы ездзілі на каток. Не ўсе, вядома, умелі катацца, нават стаялі на лёдзе з цяжкасцю. Але наш фізрук усё браў у свае рукі — і пад канец, не перабольшваю, усе асвойвалі навыкі катання. Шчыра, я не ведаю, чаго не ўмее наш Аляксандр Іосіфавіч. Шашкі, шахматы, плаванне, скачкі цераз казла і на скакалцы — усё яму пад сілу!
Усё, што я ўмею і магу ў спорце, — гэта заслуга настаўніка. Дзякуй вам, Аляксандр Іосіфавіч, заставайцеся і надалей такім жа актыўным і спагадлівым!
Вольга Ачапоўская:
— Калі ўспамінаю Аляксандра Іосіфавіча, адразу ўсміхаюся. Самыя пазітыўныя ўспаміны пра яго. Гэта чалавек, які хварэў за сваю справу па-сапраўднаму. Я ўдзельнічала ў спаборніцтвах і па настольным тэнісе, і па баскетболе, і шашках, дзе мы паказвалі заўсёды дастойныя вынікі — пастянна ў тройцы лідараў. І гэта пры тым, што ў нас была невялікая школа ў параўнанні з гарадскімі. І ўсё гэта дзякуючы Аляксандру Іосіфавічу.
Ён заўсёды вельмі перажываў за нас. Быў часам вельмі эмацыянальны, але ўсё таму, што ён укладваў у нас усе свае веды, навыкі, час. Гэта дарагога вартае! Аляксандр Іосіфавіч, з юбілеем вас! Моцнага здароўя, пазітыўных эмоцый і яркага сонца ў кожным дні!
Вера Лукашэвіч