Адрас райвыканкама: Рэспубліка Беларусь, Мінская вобласць, 223411 г.Узда, вул. Савецкая, 22.
Рэжым працы: 8.30 – 17.30, абед 13.00 – 14.00
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Тэлефон прыёмнай (тэлефон гарачай лініі): (8-01718) 65-5-07
Факс прыёмнай райвыканкама: (8-01718) 65-3-57
Для дзелавой перапіскі e-mail:
info@uzda.gov.by
Адзіны тэлефонны нумар даведачнай службы "Адно акно": 142

Аўтавакзал у г. Узда
Аўтавакзал у г. Узда
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
11 мая 2023

Старонкі гісторыі. Уздзенцы, што вызначыліся ў барацьбе з ворагам у партызанскіх атрадах

Сярод дасланых у рэдакцыю раённай газеты краязнаўцам Іванам Карачуном звестак пра нашых землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны на гэты раз нас зацікавілі лёсы партызан, узнагароджаных ордэнам Чырвонай Зоркі, пра якіх астатнім жыхарам раёна пакуль мала што вядома.

Іван Ананіч. З камсамольскім запалам

Вынаска. У ходзе баёў і дыверсійных дзеянняў, у якіх прымаў удзел радавы І. Ананіч, праціўнік страціў 749 салдат і афіцэраў, яшчэ 134 атрымалі раненні.

Вядома, што нарадзіўся ён у 1923 годзе, быў камсамольцам, пэўны час працаваў старшым піянерважатым у Цялякаўскай школе. А вось дакументаў, якія пацвярджаюць баявы шлях Івана Мікалаевіча, захавалася крыху больш. У прыватнасці, гэта ўзнагародныя лісты, засведчаныя камандзірам партызанскага атрада “Баявы” імя Дунаева (акрамя ордэна Чырвонай Зоркі наш зямляк узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны ІІ ступені” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”

Да ўступлення ў атрад наш зямляк з мая па ліпень 1942 года быў яго сувязным, актыўна ўдзельнічаў у яго арганізацыі і ўзбраенні. Вось толькі некаторыя баявыя заслугі І. Ананіча. Зафіксаваны не менш як 16 баявых аперацый з яго ўдзелам: каля вёсак Зенькавічы, Алешкавічы, Буцілы, Мацевічы, Астравечы… Пушчаны пад адхон тры эшалоны праціўніка, у выніку чаго знішчаны два паравозы, 14 вагонаў з жывой сілай (загінулі 95 гітлераўцаў), боепрыпасамі, 50 метраў чыгуначнага палатна. Спалены чатыры  масты на шашэйных і грунтавых дарогах, мукамольны завод, дэпо на вузкакалейцы, знішчана 5500 метраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязі.

У баі за хутар Івачы Іван Ананіч вынес з поля бою параненага камісара роты. 5 сакавіка 1944 года баец удзельнічаў у пуску пад адхон эшалона ворага, які ішоў на фронт,  на перагоне Зэльва — Азярніцы, і толькі ў гэтым эпізодзе знішчаны паравоз, 12 вагонаў і тры  платформы з ваеннай тэхнікай і жывой сілай (загінулі 93 гітлераўцы).

“Ва ўсіх баях і дыверсіях тав. Ананіч праявіў сябе вытрыманым, адважным, дысцыплінаваным байцом” — такую характарыстыку падпісалі нашаму земляку яго камандзіры.

Баляслаў Цвірко. Вызначыўся ў Лавах і Цімкавічах

Вынаска. Ураджэнец вёскі Язвіны Баляслаў Адольфавіч Цвірко ваяваў у партызанскім атрадзе імя Будзённага з кастрычніка 1942 па ліпень 1944 года, да вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. У гэтым атрадзе яго прынялі ў члены ВЛКСМ.

Скупыя радкі запісаў камандзіра атрада Г. Канавалава, засведчаныя камандзірам партызанскай брыгады імя Фрунзэ І. Арастовічам, даюць трапную характарыстыку партызану, які ўступіў у барацьбу з ворагам у васямнаццацігадовым узросце.

У красавіку 1943 года прымаў удзел у разгроме нямецка-паліцэйскага гарнізона, што размяшчаўся ў сяле Пакаршава Грэскага раёна. 14 і 23 мая гэтага ж года ў складзе групы з дзевяці чалавек  удзельнічаў у падрыве  чыгуначных эшалонаў праціўніка паблізу станцый Койданава, Негарэлае, дзе былі знішчаны 2 паравозы, 9 вагонаў з вугалем і 12 вагонаў з жывой сілай.  27 чэрвеня 1943 года быў няпросты бой каля вёскі Рудня Грэскага раёна.  Нашы байцы знішчылі 35 гітлераўцаў, яшчэ некалькі былі паранены. 18 кастрычніка гэтага года з групай таварышаў у колькасці 7 чалавек падарваў закладзенай на гравейцы Мінск — Слуцк мінай  нямецкую аўтамашыну, загінулі тры гітлераўцы. 3 снежня 1943 года прымаў удзел у няроўным баі з праціўнікам каля вёскі Лавы Капыльскага раёна. А яшчэ быў удзел у разгроме нямецка-паліцэйскага гарнізона ў мястэчку Цімкавічы Капыльскага раёна, дзе загінулі 18 і паранены 22 захопнікі.

“Справе партыі Леніна — Сталіна адданы” — так пісалі камандзіры, прадстаўляючы камсамольца да ўзнагароджвання ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Партызану Айчыннай вайны ІІ ступені”.

Яўгенія Шырко. Адважная падпольшчыца

Вынаска. Яўгенія Дзям’янаўна Шырко з вёскі Нізок у камсамол уступіла ў 1938 годзе, да вайны з’яўлялася інструктарам Уздзенскага райкама ЛКСМБ.

Па заданні райкама камсамола засталася на часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі, была актыўнай падпольшчыцай. У любы момант дзяўчыну маглі выдаць  акупацыйным уладам тыя, хто ведаў яе па ранейшай грамадскай рабоце, але Яўгенія не магла сядзець склаўшы рукі. Яна арганізавала ва Уздзе дзве падпольныя групы. Рэгулярна збірала і перапраўляла ў партызанскія атрады каштоўныя звесткі пра захопнікаў (стан нямецкага гарнізона ў райцэнтры), медыкаменты, паперу і зброю, распаўсюджвала ў населеных пунктах савецкія лістоўкі. Пастаянна падвяргаючы сваё жыццё небяспецы, вяла растлумачальную работу ў гарнізоне, у выніку восем былых паліцэйскіх перайшлі да партызан. Разам з таварышамі ёй удалося даставіць на тэрыторыю гарнізона міну запаволенага дзеяння, дзякуючы гэтаму атрымалася падарваць памяшканне жандармерыі.

Актыўную падпольную дзейнасць Яўгенія Шырко ажыццяўляла да прыходу часцей Чырвонай арміі. Смеласць і адвага падпольшчыцы адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Партызану Айчыннай вайны І ступені”.

Аляксандр Быкоўскі. Узрост гераізму не перашкода

Вынаска. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксандру Лявонавічу Быкоўскаму з вёскі Каладзіно было 60 гадоў. Наш зямляк рабіў усё магчымае, каб наблізіць Перамогу над ворагам.

Уздзенскаму “дзеду Талашу” крыху менш гадоў, чым знакамітаму коласаўскаму герою, і такіх легендарных подзвігаў, як той, ён не здзяйсняў. Тым не менш наш зямляк удастоены баявога ордэна, да якога прадстаўлялі далёка не кожнага, медаля “Партызану Айчыннай вайны І ступені”.

Баявое хрышчэнне Аляксандр Лявонавіч прыняў у гады Грамадзянскай вайны. У 1919—1920 гг. ён, чырвонаармеец, ваяваў у 644-й дывізіі пад кіраўніцтвам Шчорса. І праз дваццаць з лішкам гадоў, калі фашысты напалі на родную зямлю, не змог застацца ўбаку, дапамагаў тым, хто змагаўся з ворагам на франтах.

У першыя ж дні вайны сабраў у лясах, на палях баявых дзеянняў і перадаў у партызанскі атрад Пакроўскага, што пазней увайшоў у склад брыгады “Буравеснік” пад камандаваннем М. Мармулёва, звыш дзесяці тысяч патронаў, 11 вінтовак, а пазней і яшчэ некалькі дзясяткаў розных відаў зброі. Выратаваў ад гібелі звыш дзесяці чырвонаармейцаў, якія адступалі ў пачатку Вялікай Айчыннай, засталіся ў тыле ворага. Схаваў іх у лесе, а затым яны папоўнілі партызанскі атрад. Гэта стала вядома акупацыйным уладам. За сувязь з партызанамі фашысты расстралялі сына Аляксандра Лявонавіча — Івана. З яшчэ большай нянавісцю пачаў Быкоўскі змагацца з ворагам, каб адпомсціць за яго гібель, за гібель франтавікоў і партызан, мірных жыхароў.

Знаходзячыся ў партызанскім атрадзе, А. Быкоўскі выконваў асабліва важныя даручэнні камандавання — збіраў праз сваіх знаёмых звесткі пра абстаноўку ў фашысцкіх гарнізонах, намеры захопнікаў. Гэта была тонкая, ювелірная разведвальная работа, дзякуючы якой камандаванне брыгады “Буравеснік” мела інфармацыю аб аперацыях, што рыхтаваліся супраць лясных мсціўцаў, і магло своечасова прыняць неабходныя меры.

Эдуард Валадзько. Не па гадах разважлівы

Вынаска. Нягледзячы на малады ўзрост, наш зямляк актыўна займаўся агітацыйнай работай у Заходняй Беларусі, на фронце і ў партызанскім атрадзе.

У Чырвонай арміі Эдуард Валадзько з 1939 года, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі.  У складзе групы вайскоўцаў з Мінскай вобласці ажыццявіў пешы пераход у Беластоцкую вобласць, дзе праводзіў палітычную работу сярод насельніцтва (асабіста правёў каля 250 групавых і індывідуальных гутарак у вёсках). А ў чэрвені 1941-га 20-гадовым трапляе на фронт.

Партызанская біяграфія Э. Валадзько пачынаецца з 27 чэрвеня 1943 года. Старшы лейтэнант медыцынскай службы становіцца брыгадным зубным урачом партызанскай брыгады імя Чапаева. Але і ў баявых дзеяннях давялося прымаць удзел. У шасці засадах на дарогах Мінск — Слуцк і Ружаны — Пружаны партызаны знішчылі 8 аўтамашын і 58 гітлераўцаў. З удзелам нашага земляка (яго жонка заставалася ў вёсцы Слабада) знішчаны 4 масты, 24 кіламетры сувязі, асаблівы гераізм праявіў Эдуард Кірылавіч у баі пры блакіроўцы лесу каля сяла Парахоўня, дзе знайшлі смерць 8 немцаў, яшчэ 7 паранены.

Э. Валадзько ўзнагароджаны двума баявымі ордэнамі і медалём.

Тэкст: Віктар Сабалеўскі

Інтэрнэт-рэсурсы