Адрес райисполкома: Республика Беларусь, Минская область, 223411 г.Узда, ул. Советская, 22.

Телефон приемной: (8-01718) 65-5-07

Факс приёмной райисполкома: (8-01718) 65-3-57

Для деловой переписки e-mail:
info@uzda.gov.by

Для обращений граждан и юридических лиц
e-mail:
uzdarai@gmail.com

Грабовая аллея
Грабовая аллея
22 октября 2018

На падворках – кветкі, лялькі і прыгожыя альтанкі

Адметным мерапрыемствам стала падвядзенне вынікаў раённага агляду-конкурсу “Ветэранскі падворак”, ініцыятарам правядзення якога з’яўляецца раённая ветэранская арганізацыя.
Як адзначыла вядучая Алена Кучук, “маляўнічы наш край, а нястомныя рукі чалавека робяць яго яшчэ больш прыгожым і прывабным”. І з гэтым цяжка не пагадзіцца, бо фантазія людзей, якія прынялі ўдзел у конкурсе (а іх больш як 40), не мае межаў.
– У мінулыя гады я сама была ўдзельніцай такога конкурсу, бо вельмі люблю ўпрыгожваць свой падворак кветкамі, рознымі вырабамі. Лічу, што такія конкурсы патрэбныя, бо ад адных людзей натхненнем па добраўпарадкаванні сваіх падворкаў зараджаюцца і іншыя, – сказала Вольга Бокуць-Чабатарова, пасля чаго падарыла прысутным сваю новую песню “Прызнанне роднаму краю”.
Пасля разам з дапамогай прэзентацыі, падрыхтаванай бібліятэчнымі работнікамі, усе “заглянулі” на падворкі пераможцаў конкурсу. Алена Іосіфаўна Дрэка са Стальбоўшчыны ператварыла свой падворак у райскі куток: абвітыя вінаградам аркі, багацце кветак радуюць вока не толькі гаспадыні, але і яе родных, суседзяў, знаёмых. Адметнага каларыту падворку надае і сямейства жывых беласнежных гусей.
Сапраўднае казачнае каралеўства – сядзіба Станіслава Антонавіча і Галіны Міхайлаўны Зубовічаў з Каралёва. Гэта і стылізаваныя пад жывёл і насякомых камяні і міні-клумбы, з-за якіх выглядваюць вясёлыя казачныя персанажы. А вось Ніна Міхайлаўна Селівончык таксама з Каралёва, як паведала сама, занялася добраўпарадкаваннем свайго падворка, узяўшы прыклад з суседзяў Зубовічаў. І ў яе гэта добра атрымалася: кашпо з кветкамі на дрэвах, радуюць сваёй арыгінальнасцю міні-мельніцы ў акружэнні шматлікіх кветак, адметнымі з’яўляюцца і боты, якія нібы “згубіліся” сярод папаратнікаў.
Цудоўны кветкавод і жыхарка райцэнтра Таццяна Мікалаеўна Ліннік, каляровай гамай падворка якой нельга не захапіцца (каны, клемацісы, экзатычныя кусты  і кветкі). Не меншым аматарам кветак з’яўляецца і канкурсантка з Дзешчанкі Святлана Уладзіміраўна Маляўка. Педагог па адукацыі, яна не можа жыць без прыгожага. “Кветкавая гармонія стварае настрой”, – адзначае жанчына. Галоўнымі ж памочнікамі па аздабленні свайго падворка яна называе сына і дачку.
Вялікая гаспадарка, любоў да прыгожага, цяга да гісторыі родных мясцін – вызначальныя рысы жыхаркі вёскі Сенажаткі Ядвігі Ігнацьеўны Сянкевіч. Не першы год званне “Дом узорнага парадку” носіць сядзіба жыхаркі вёскі Гарадок Зінаіды Яўгеньеўны Манкевіч.

Найбольшае ўражанне, вядома ж, засталося ад падворка Галіны Сяргееўны і Івана Дзмітрыевіча Каваленкаў з аграгарадка Возера. На іх падворку ў 22 соткі гарманічна прапісаліся не толькі кветкі і шматлікія дрэўцы і кусты, але і дзясяткі персанажаў з беларускіх, рускіх і украінскіх казак. Дарэчы, менавіта гэта сям’я атрымала пуцёўку да ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.
Аднак не толькі пра ўдзельнікаў конкурсу ішла размова. Творчы матыў мерапрыемству задаў і жыхар райцэнтра Іван Ермалаевіч Любчанка, для якога гэта сустрэча стала своеасаблівым песенным дэбютам.
– А вы ведаеце, што не толькі кветкі могуць упрыгожыць вашыя падворкі? Выдатным дапаўненнем могуць стаць яблыні ў квецені, слівы, іншыя пладовыя дрэвы, – параіў удзельнікам конкурсу садавод Антон Лятун. – Паспрабуйце, упэўнены: вы не пашкадуеце!
Станоўчых эмоцый прысутным дабавіла і выстаўка вышытых стужкамі карцін Вольгі Міхайлаўны Максімавай.
Усе ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі раённай ветэранскай арганізацыі і падарункамі. Бонусам да іх сталі білеты на прафсаюзны канцэрт “Мы – разам!”, прадастаўленыя старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Н. Кананенка.

Газета “Чырвоная зорка”,
Вера ЛУКАШЭВІЧ, фота Сяргея ШАРАЯ

Интернет-ресурсы