Адрас райвыканкама: Рэспубліка Беларусь, Мінская вобласць, 223411 г. Узда, вул. Савецкая, 22.

Тэлефон прыёмнай: (8-01718) 65-5-07

Факс прыёмнай райвыканкама: (8-01718) 65-3-57

Для дзелавой перапіскі e-mail:
info@uzda.gov.by

Для зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб
e-mail:
uzdarai@gmail.com

Грабавая алея
Грабавая алея
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
4 мая 2019

1 мая ў раёне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Святу працы і 115-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі

3 мая, Узда /Уласн. інф./. Азіраючыся назад, успамінаюцца колішнія першамайскія дэманстрацыі і гулянні з аркестравай музыкай, паветранымі шарамі, мноствам кветак. Так, час ідзе, змяняюцца пакаленні, і Першамай напаўняецца новым сэнсам. Аднак гэты дзень усё гэтак жа застаецца святам працы, павагі да чалавека, які працуе на карысць сваёй сям’і, горада, краіны. Менавіта такім і была прысвечана канцэртная праграма “І славіцца чалавек працы”, якая сабрала ў глядзельнай зале Палаца культуры не адзін дзясятак гасцей, актывістаў і ветэранаў прафсаюзнага руху, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый раёна.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Савіцкі, адзначыўшы, што жыхары нашага раёна заўсёды славіліся працавітасцю, уменнем працаваць сумленна і на вынік. Так, кіраўнік раёна нагадаў, што за працоўныя дасягненні не адна сотня працаўнікоў раёна ўзнагароджана ордэнамі і медалямі, сярод якіх ордэн Леніна і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн “Знак Пашаны” і ордэны Працоўнай славы, іншыя высокія ўзнагароды. Словы ўдзячнасці Сяргей Канстанцінавіч адрасаваў і ветэранам працы.
Цеплынёй і шчырасцю было напоўнена выступленне старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталлі Кананенка:
– 115 гадоў – адрэзак гісторыі, які ўвасобіў цэлую эпоху: ад стварэння невялікіх прафсаюзных арганізацый, якія дзейнічалі разрознена, да фарміравання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. За гэты час многае змянілася ў дзейнасці прафсаюзаў. Нязменным засталося адно – абарона правоў і інтарэсаў работнікаў. Прафсаюзы заўсёды вырашалі задачы, прадыктаваныя жыццём. Ліквідацыя непісьменнасці, арганізацыя сацыяльных спаборніцтваў, мабілізацыя рабочых тылу ў гады ваеннага ліхалецця, аднаўленне разбуранай падчас Вялікай Айчыннай вайны народнай гаспадаркі – гэта толькі малая частка слаўных прафсаюзных спраў. Сёння Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі беражліва захоўвае і ўмацоўвае прафсаюзныя традыцыі, з’яўляецца рэальнай сілай, здольнай адстойваць інтарэсы працоўных.
Свае віншаванні ўдзельнікам свята адрасавалі таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вольга Русак, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Лапанік, старшыня прафсаюзнай пярвічкі цэнтральнай раённай бальніцы Кацярына Булка.
На ўрачыстасці ўшанавалі ветэранаў і перадавікоў вытворчасці, іх маладую змену. Цырымонія ўзнагароджвання суправаджалася выступленнямі артыстаў і салістаў раённага Дома культуры, харэаграфічных калектываў “Вясёлка” і “Уздзяначка”.
Фінальным акордам урачыстасці стала выступленне ансамбля народнай песні і танца “Ігрыца”. Звонкія галасы артыстаў, іх шчырыя ўсмешкі і пазітыўны настрой яшчэ доўга будуць успамінаць тыя, хто прыйшоў у той дзень у Палац культуры. Прадоўжылася святочная праграма на бульвары Дзяржынскага. Пад гукі духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў рознакаляровымі пырскамі заззяў фантан. Своеасаблівай урачыстасці гэтаму моманту надалі і паветраныя шары, выпушчаныя ў неба, і вальс, у якім закружылі старшакласнікі. Шчырае захапленне ў прысутных выклікалі і адточаныя рухі выхаванцаў раённага клуба шатакан каратэ-то “Бушыдо”.
Хапала забаў дзетвары. Яна весела бавіла час на надзіманых горках і батуце, у той час як дарослыя проста не змаглі адмовіць сабе ў жаданні паласавацца духмяным шашлыком. Цудоўным завяршэннем дня стала святочная дыскатэка пад адкрытым небам.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)
http://zorkanews.by/2019/05/03/1-мая-ў-раёне-прайшлі-мерапрыемствы-пры/

 

Інтэрнэт-рэсурсы